АКТЫ́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬ,

актываваны вугаль, вугляродны адсарбент, з развітой сітаватай структурай. Добра адсарбіруе арган. рэчывы, дрэнна аміяк, ваду, спірт. Адсорбцыя ў мікрасітавінах (памер 3 нм, аб’ём да 0,6 см³/г) адбываецца па механізме аб’ёмнага запаўнення, у мезасітавінах (3—200 нм, аб’ём да 0,5 см³/г) — капілярнай кандэнсацыі; макрасітавіны (200 нм, аб’ём да 1,2 см³/г) выконваюць трансп. функцыю. Атрымліваюць з выкапнёвага ці драўнянага вугалю парафазавай ці хім. карбанізацыяй і актывацыяй, а таксама тэрмічным раскладаннем сінт. палімераў. Выкарыстоўваецца для рэкуперацыі арган. растваральнікаў, пры рафінаванні цукру, ачыстцы пітной вады, спіртных напіткаў, сцёкавых водаў, як адсарбент і носьбіт каталітычных дабавак, у медыцыне для ачысткі крыві і паглынання шкодных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)